Диаспоры

Iрына Дрозд

Беларуска ў Бразіліі: «Нас спрабавалі перабіць, але мы нагадалі, што знаходзімся не ў Беларусі»

Як падтрымаць родную краіну, калі ты знаходзішся больш за 10 тысяч кіламетраў ад яе.

Нават на іншым краі свету, у далёкай Бразіліі сёлета чытаюць вершы Янкі Купалы ды спяваюць «Купалінку». Бразільцы, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, разам з усімі спачуваюць нам, жадаюць дапамагчы і пішуць лісты палітвязням.

Беларуска Воля Франко, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Бразіліі, распавяла «Салідарнасці» аб тым, што агульнага паміж беларускай і бразільскай уладамі і што яднае нашы народы.

Сама Воля на радзіму Жоржы Амаду ехала, па яе словах, мэтанакіравана, каб паглядзець на чароўны свет яго кніг. Зараз яна выкладае чатыры мовы ў мясцовай моўнай школе і займаецца перакладамі.

Муж Волі — лінгвіст Патэрсан Франко — даследчык беларускай мовы, культуры і літаратуры. Зараз ён збіраецца абараніць навуковую працу па перакладзе на партугальскую мову фільма «Жыве Беларусь!». Гэта мастацкая стужка 2012 года, за аснову сцэнару якой ўзяты Армейскі дзённік Франака Вячоркі.

— Дарэчы, гісторыя ў гэтым фільме вельмі падобная да падзей мінулага года ў Беларусі. Патэрсан перакладае яго на партугальскую мову, каб паказаць у Бразіліі, — кажа Воля.

Воля і Патэрсан Франко

Беларусаў у Бразіліі не шмат і раней Воля рэдка сустракала кагосьці з землякоў. Але пасля жніўня 2020 яны пачалі шукаць адзін аднаго, знаёміцца і яднацца. 

— Згодна з інфармацыяй федэральнай паліцыі, беларусаў тут каля двух сотняў. Сярод іх — чацвёра, хто папрасіў прытулку цягам мінулага года, — кажа Воля. — Апошніх беларускіх выбараў, як і папярэдніх, у Бразіліі не было. Афіцыйнае пасольства Беларусі ніводнага разу іх не праводзіла, маўляў, ўсё роўна тут мала беларусаў, каму гэта трэба.

Таму ў саміх выбарах я не прымала ўдзел. Але падзеі ў Беларусі не маглі пакінуць нас абыякавымі, і мы, беларускі, пачалі знаходзіць адна адну ў інтэрнэце і неяк яднацца. Нарэшце, нас аказалася, такіх актыўных, чалавек 20. Аднак кантактуем мы, вядома, з большай колькасцю людзей.

Таксама нас вельмі падтрымліваюць бразільцы, якія выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці і цікавяцца Усходняй Еўропай.

— Наколькі вялікая цікаўнасць у бразільцаў да Беларусі? Нават з нашмат бліжэйшых краінаў некаторыя толькі год назад даведаліся, што Беларусь — гэта не частка Рассіі. 

— Насамрэч цікавасць да Беларусі ў гэтай краіне Паўднёвай Амерыкі значна вырасла яшчэ некалькі гадоў таму — пасля адмены віз. Тады бразільцы, якія ездзілі ў Расію ці ва Ўкраіну, пачалі заязджаць у Беларусь, каб паглядзець на сталінскую архітэктуру і «апошнюю дыктатуру Еўропы».

Цікава, што ў самой Бразіліі ў 60-80 гады мінулага стагоддзя была ваенная дыктатура, калі краіна кантралявалася Злучанымі штатамі. Яны і цяпер маюць моцны ўплыў на Бразілію, але тады быў татальны палітычны кантроль, каб не згубіць сферу ўплыву на карысць Савецкаму Саюзу і сацыялістычнаму руху. То бок тая дыктатура была антыкамуністычная, антысацыялістычная. Забаранялася ўсё, што нагадвала сацыялізм — Ленін, чырвоны колер і гэтак далей. 

Менавіта падзеямі тых часоў можна патлумачыць сімпатыі бразільцаў да сацыялізму. Для іх гэта ідэі роўнасці, сімвал свабоды. Яны не ведаюць таго, што ў СССР гэтага не было, часта не хочуць чуць пра сталінскія рэпрэсіі.

Тут яшчэ і цяпер шмат ў каго няма годных умоваў працы, няма нават мінімальнага заробку, і людзі лічаць, што той забаронены сацыялізм можа быць нейкім выратаваннем. Яны мараць пра нейкі іншы сацыялізм, які самі сабе ўяўляюць. І сапраўды, калі тут да ўлады прыходзяць сацыялісты, яны робяць класныя рэчы для народа ў галіне правоў працоўных, жанчын, маламаёмасных.

— А якія беларускія падзеі выклікалі найбольшую рэакцыю ў бразільцаў за апошні год?

— Летась мы адчынілі віртуальную Народную амбасаду. Яе асноўныя задачы — аб’яднаць беларускую супольнасць і інфармаваць пра Беларусь бразільскую грамадскасць, СМІ, палітыкаў. Цяпер, калі беларусы шукаюць беларусаў у Бразіліі, яны знаходзяць  нашу Народную амбасаду.

Да нас часта звяртаюцца журналісты па каментар пра Беларусь увогуле і пра канкрэтныя падзеі. Інфармацыйныя нагоды, якімі цікавіліся бразільцы, — кавід-дэсідэнства Лукашэнкі летась, потым выбары, потым моцныя рэпрэсіі, забойства Рамана Бандарэнкі і Вітольда Ашурка, таксама выклікала рэзананс забойства Віталя Шышова.

Адна з моцных навінаў была пра пасадку самалёта, вельмі ўразіла людзей спроба суіцыда Сцяпана Латыпава. Цяпер, канешне, пытаюцца пра мігрантаў.

Некалькім выданням мы дапамагалі выйсці на Святлану Ціханоўскую для інтэрв’ю. Таксама перакладаем шмат навінаў і відэа, супрацоўнічаем з праектамi прыхільнікаў перамен.

Воля перад будынкам Кангрэсу ў сталіцы

Трымаем сувязь з беларускімі суполкамі з іншых краін. Распаўсюджваем інфармацыю аб тым, як можна дапамагчы беларусам праз фонды, як напісаць у вязніцу.

Простых людзей вельмі абураюць рэпрэсіі «за шкарпэткі і сардэчкі», фальсіфікацыі лічбаў па кавіду, — такія рэчы немагчыма ўявіць ў Бразіліі.

— Але ж вашага прэзідэнта Балсанару лічаць падобным да Лукашэнкі.

— У іх сапраўды шмат агульнага. Балсанару — таксама кавід-дысідэнт. Ён называе кавід «слабенькім грыпам» і раіць нейкія лекі зусім ад іншых хвароб, напрыклад, ад глістоў ці ад валчанкі. Нават была праблема, калі зніклі з аптэк усе лекі ад валчанкі, бо людзі па парадзе прэзідэнта «лячылі» імі каронавірус.

З кавідам ў краіне вельмі кепская сітуацыя, але тут не дадумаліся фальсіфікаваць статыстыку, і мы ўсе ведаем рэальныя вельмі высокія лічбы. 

Балсанару былы ваенны, якога звольнілі з войска. Яго абранне стала моцным расчараваннем у народзе, але ж людзі могуць прама выказваць сваё расчараванне і хадзіць на мітынгі.

Балсанару не задумваючыся бы ўвёў дыктатуру, але, на шчасце, тут працуюць іншыя галіны ўлады, якія яго стрымліваюць. Дарэчы, на наступны год у нас будуць выбары, і мы ўсе спадзяемся, што зменім уладу. Ужо ідзе актыўная падрыхтоўка.

 — Тым не менш у беларускіх актывістаў атрымалася прыцягнуць увагу галоўных СМІ краіны.  

— У сакавіку ўніверсітэт штата Параіба стаў адзіным у Бразіліі, што заключыў дамову з БДУ. Калі мы пра гэта даведаліся, вядома, звярнуліся да іх і распавялі, што БДУ рэпрэсуе сваіх студэнтаў і выкладчыкаў. Мы казалі аб тым, што ад рэпрэсій у Беларусі, ад затрымання і Акрэсціна не можа быць абаронены ніхто, нават замежныя студэнты, якія могуць паехаць у Беларусь у рамках супрацоўніцтва.

А калі ў гэтым універсітэце прахадзіла адкрытая канферэнцыя з удзелам беларускіх калег, мы таксама прыйшлі і пачалі задаваць нязручныя пытанні дэкану факультэта міжнародных зносін БДУ, якая распавядала пра супрацоўніцтва. Нас спрабавалі перабіць, карацей, закрыць рот, але мы нагадалі, што знаходзімся не ў Беларусі, а ў Бразіліі. Менавіта гэты выпадак абмяркоўваўся ў медыя.

Мы мяркуем, што гэтая ВНУ беларускім універсітэтам для супрацоўніцтва была абраная незвычайна. Дарэчы, Студэнцкі рух нас падтрымлівае. У Бразіліі рэктараў ВНУ абіраюць, і ў выбарах прымаюць удзел усе — выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты.

І вось упершыню з часоў дыктатуры ў мінулым годзе пасля выбараў у гэтым і некаторых іншых універсітэтах цяперашні кіраўнік дзяржавы, насуперак рашэнню акадэмічнай супольнасці, прызначыў рэктарам свайго стаўленніка. І цяпер студэнты супраць гэтага актыўна пратэстуюць, але пакуль нікога не адлічылі і не пасадзілі.

Калі мы інфармавалі акадэмічную супольнасць пра гэтую дамову, з намі звязваліся рэктары іншых устаноў і выказвалі сваё абурэнне і падтрымлівалі нас. Але гэта былі універсітэты, дзе засталіся акадэмічныя свабоды і кіраўніцтва абіраецца.

Бразільскія актывісты і госці адной з выставак

— Вы з мужам і раней былі вядомыя, як прыхільнікі прасоўваць беларускую культуру. Зараз вашаму згуртаванню гэта дапамагае ў прыцягненні ўвагі?  

— Безумоўна. Мы заўважылі, што, калі кожны дзень пішам толькі пра рэпрэсіі, калі канцэнтруемся доўгі час на негатыўных навінах, людзям становіцца эмацыйна цяжка іх успрымаць.

А нашмат лягчэй дагрукацца да людзей праз культуру. Мы з Народнай амбасадай робім розныя культурныя праекты. Адзін з найбольш вялікіх — мультымедыйная выстава «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча». Яе арганізавалі ў Бразіліа нашы дзяўчаты — Вольга Алешка-Лесселс і Анастасія Голец. Зараз выстава адпраўляецца па іншых гарадах.

У падрыхтоўцы да гэтай выставы нас вельмі падтрымала амбасада Польшчы. Таксама фінансава нас падтрымалі самі бразільцы праз краўдфандынгавую платформу. На адкрыцці былі дыпламаты некалькіх амбасадаў, прадстаўнікі ААН.

Выстава пра жанчын беларускіх пратэстаў ў Бразіліа

Гісторыі беларускіх жанчын-удзельніц пратэстаў выклікалі вельмі моцны эфект. Мы прадставілі фотаздымкі вядомых беларускіх фатографаў. Звычайна людзі былі вельмі ўражаныя гэтымі фота мірных пратэстаў, выглядам прыгожых жанчын на кантрасце з сілавікамі, якія іх вядуць па аўтазаках.

Таксама была прадстаўленая інсталяцыя, якая нагадвала побыт камеры на Акрэсціна, каб паказаць прыкладна, у якіх умовах трымаюць людзей. Побач з гэтай камерай стаяў стол з паштоўкамі і людзі пісалі беларускім палітзняволеным жанчынам.

Амбасадар Еўрасаюзу ў Бразіліі Ігнасіо Ібанэс падпісвае паштоўкі беларускім палітзняволеным жанчынам

Да тыдня беларускай культуры ў нас таксама быў вялікі праект, у якім бралі ўдзел бразільцы. Мы рабілі віртуальныя вандроўкі па нашай краіне, а мастакі малявалі Беларусь. Было вельмі кранальна, калі бразільцы спявалі «Купалінку», чыталі па-беларуску і па-партугальску верш Купалы «А хто там ідзе» і іншыя.

Мясцовыя музыкі рабілі кавер на песні гурта Gods Tower. А з яго франтмэнам Лэслі Найфам мы нават зрабілі вялікі жывы эфір, дзе з ім гутарыў адзін з аўтараў кавера. Ён быў вельмі рады, казаў, што мы яго добра падтрымалі, бо тады быў яшчэ ў Беларусі.

Наогул, усе, хто чуюць беларускую музыку, ад «Купалінкі» да металу, не могуць яе не палюбіць.

— Цікава, ці даходзяць у Бразілію адказы ад палітвязняў?

— Шчыра кажучы, рэдка. Але ўсё роўна лісты мы пішам пастаянна. Дарэчы, з мінулым Новым годам павіншавалі абсалютна ўсіх палівязняў на той час. Мы ўпэўненыя, што чалавеку прыемна атрымаць вестку з такой далёкай краіны.

Да нас дайшлі два адказы Сяргея Ціханоўскага! Яны нас вельмі натхнілі. На нашы запрашэнні ён паабяцаў прыехаць ў Бразілію і нават удакладніў, што не ведае, атрымаецца прыехаць з усёй сям’ёй ці не, бо «камусьці трэба будзе займацца дзяржаўнымі справамі». Відавочна, ён меў на ўвазе сваю жонку Святлану. Таксама разважаў аб тым, што перад паездкай ў Бразілію трэба будзе навучыцца танчыць самбу. 

Таму да яго Дня народзінаў мы спецыяльна зрабілі відэа, дзе паказалі, як танчыць самбу. Мы спадзяемся, што відэа дайшло да яго адваката, і што той змог перадаць атмасферу запісу. Ну і, канешне, мы верым, што калісьці Сяргей да нас прыедзе, як і абяцаў. 

— Не магу не зрабіць камплімент вашай цудоўнай фрызуры! Як да яе ставіцца муж?

 — Дзякуй! Ён мяне і фарбаваў! Першы раз ў цырульні, а потым Патэрсан сам. Я даўно хацела зрабіць штосьці вонкава, каб неяк адлюстраваць свае ўнутраныя перажыванні. Я ведаю, што за такую фрызуру бывае ў Беларусі.

Літаральна ў той час, калі я збіралася да цырульніка, ў Беларусі двзвюх дзяўчат затрымалі за бела-чырвоныя валасы. І я зрабіла фрызуру ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных. І цяпер я здзіўляю ўсіх аповедамі пра тое, што ў Беларусі мяне б адразу пасадзілі ў турму за такую незвычайную фрызуру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(53)