Филин

Сяргей Васілеўскі

Цімафей Акудовіч: «Поле фармальных зачэпак для рэпрэсій моцна пашырылася»

Наколькі глыбока можа зайсці рэвізія гісторыі краіны?

Частка нумароў часопісаў «Наша гісторыя» і Arche папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гаворка ідзе пра публікацыі за розныя гады — ад 2018-га да 2021-га.

На думку сённяшніх цэнзараў, у гэтых публікацыях «имеются признаки экстремизма, реализуемые в форме скрытой, но легко распознаваемой экстремистской тематики, направленной на пропаганду идей, дискредитирующих и очерняющих советскую власть и советское прошлое Беларуси».

Акрамя таго, часопісам закідаюць прапаганду «идей, возбуждающих у адресата речевого воздействия чувства ненависти, презрения и отвращения к преступной оккупационной советской власти, незаконно отторгнувшей 17 сентября 1939 года часть территории Польши».

Гісторыя з часопісамі адбываецца на фоне чарговага ўсплёску рэпрэсій. Филин абмеркаваў сітуацыю з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

— Гэтым разам пад раздачу трапілі ў тым ліку і публікацыі пяцігадовай даўніны. Тое, што ў 2018-м не муляла вока цэнзарам і прапагандыстам. Наколькі глыбока можа зайсці такая рэвізія гісторыі краіны? Ці можа яна, напрыклад, закрануць літаратуру пра Заходнюю Беларусь, якую друкавалі ў свой час дзяржвыдавецтвы?

— Мне падаецца, што можа. Проста па той прычыне, што рэпрэсіўная машына будзе працаваць датуль, пакуль яе спецыяльна не спыняць. І пакуль яе не спыняць, яна будзе шукаць усё, да чаго хоць фармальна можна прычапіцца.

Цяпер гэтае поле фармальных зачэпак моцна пашырылася. Любое «няправільнае» слова можа быць выкарыстанае, каб кагосьці прызнаць «экстрэмістам». Таму я думаю, што гэты працэс не скончыцца, пакуль на гэта не будзе спецыяльнага загаду.

І таму ёсць рызыка, што проста самыя нечаканыя творы мастацтва, літаратуры, тэатра могуць быць прызнаныя «экстрэмісцкімі».

— Незалежна ад таго, дзе гэтыя творы выдаваліся, і хто іх аўтар?

— Напэўна, усё ж залежыць.

Відавочна, што да дзяржаўных выдавецтваў дойдуць пазней.

Але калі гэта ўсё застопарыцца ў сённяшнім выглядзе, будзе цягнуцца такім жа чынам, то чарга некалі дойдзе і да іх.

— Ці глядзяць сённяшнія цэнзары ў будучыню? Бо калі гэтая сітуацыя, як вы кажаце, расцягнецца ў часе, то да іх могуць узнікнуць пытанні ў сваіх жа калегаў: як так здарылася, што «легко распознаваемая экстремистская тематика» гадамі прадавалася, у тым ліку і праз дзяржаўную сістэму распаўсюду? Ці яны проста выконваюць план, не думаючы пра заўтра?

— Я думаю, гэта выключна выкананне плану без асаблівых ацэнак. Яны ўсё адно забараняюць тое, што заўсёды імі ўяўлялася ўмоўна апазіцыйным.

І пакуль што гэта іхняя мяжа: яны забараняюць тое, што ім найбольш бяспечна забараняць, яны трымаюцца ў гэтым дыяпазоне.

Але хутка на гэтым апазіцыйным полі, як мне падаецца, ім хутка пачне не хапаць матэрыялаў.

— А яшчэ з’яўляюцца гісторыі беларусаў, якія ў сённяшніх варунках баяцца размаўляць па-беларуску на публіцы.

— Калі казаць пра мову, то мы ў падобных умовах, мне падаецца, так ці іначай заўсёды жылі. Гэта апошнія дзесяць год было паслабленне. Мне ў росце страху сярод беларусаў бачацца іншыя фактары.

Тое, што рэпрэсіі ўжо два гады закранаюць значна больш шырокае кола людзей. Людзей па прафесіях, па поглядах, не звязаных з нават з культурай, аспектамі гісторыі. Людзей, якіх раней, як мне падаецца, рэпрэсіі ні ў якім выглядзе не закраналі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(7)