Цыганкоў: Пару заўваг пра «сілавы варыянт»

Журналіст Віталь Цыганкоў паразважаў пра перспектыву «сілавога варыянту» супраць рэжыма Лукашэнкі.

1. Па-першае, уражвае, як хутка размовы пра яго сталі фактычна мэйнстрымам. Яшчэ паўгода таму любога, хто толькі заікаўся на гэтую тэму, маглі запісаць у правакатары і неадэквата. Натуральна, што галоўны зрух адбыўся і таму, што «два гады прайшло, а дзе вынікі», і таму што «мы паспрабавалі па-добраму, па мірнаму, – не атрымалася. Давайцце паспрабуем па-іншаму» і таму, што вайна.

2. Важна паўтарыць тое, што было сказана на канфэрэнцыі. «Сілавы варыянт» – гэта зусім не абавязкова рэкі крыві і грамадзянскя вайна. Гэта для прапаганды.

Усё можа абмежавацца толькі дэманстрацыяй сілы і гатоўнасьці яе прымяніць.

3. Наконт ахвяраў. Калі б рэжым спыніў свае рэпрэсіі, напрыклад, зімой 2020-21-га, і пачаў бы традыцыйны для сябе варыянт «разгром-адліга», то мала ў каго б узьнікалі думкі пра «сілавы варыянт». А так людзі задаюцца лагічным пытаньнем – «мы ўзорна мірна сябе паводзілі – нас за гэта саджаюць. Які сэнс узорна мірна паводзіць?» І так, гэта ад адчаю, у тым ліку.

4. Калі мудрыя аналітыкі кажуць пра нерэалістычнасьць «сілавога варыянта» з міжнароднага гледзішча – то з усім можна пагадзіцца, з адной агаворкай – «на сёньняшні дзень». Бо сытуацыя можа памяняцца ў любы момант.

Адзін прыклад.

Калі Масква ўсё ж прымусіць Лу ўвесьці войскі ў вайну супраць Украіны – як тады будзе выглядаць рэалістычнасьць і прывабнасьць «сілавога варыянта» для суседзяў Беларусі? Падазраю, што пры такім разьвіцці падзеяў гэта можа стаць для іх галоўным і ці не адзіным варыянтам.

Яны самі прыйдуць да Азарава і Сахашчыка і будуць пытацца – «Гаварыце, чаго  не хапае палку Каліноўскага?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(44)