«Дзень Канстытуцыі ў краіне, дзе не да законаў, — свята спецыфічнае»

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі.

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет зацвердзіў новы варыянт Канстытуцыі, згодна з якім у краіне ўводзілася пасада прэзідэнта. Ужо праз тры месяцы прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх, як і на ўсіх наступных, атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Сабралі меркаванні беларускіх палітыкаў і лідараў думак наконт «святочнай» даты.

Святлана Ціханоўская:

— Сёння дзень Канстытуцыі. Канстытуцыі, якую за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі. Канстытуцыі, чые артыкулы сістэматычна парушаў рэжым, акрамя, хіба што, артыкула 20: Мінск – сталіца Беларусі. Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс.

На жаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа.

У дэмакратычных сіл ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі. Нашая задача — не проста новая кніжка з наборам слоў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымкі і процівагі.

Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе:

— Са святам, якое пазначана ў каляндары, але якога няма у жыцці канстытуцыйнай большасці беларусаў.

Дзень Канстытуцыі у краіне, дзе не да законаў, свята спецыфічнае. Калі б прапусціць праз паліграф беларусаў, то вынікі былі б жахлівыя. Мой прагноз — за 95% не вераць, што Канстытуцыя у Беларусі працуе. Такі вынік лагічны і заканамерны. Гэта наступствы некалькіх дзесяцігоддзяў жыцця у прававым вакууме, у сітуацыі, калі Канстытуцыя дэ-факта перастала працаваць яшчэ у 1996 годзе, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. Наступныя псеўдарэферэндумы толькі засоўвалі рэальную сітуацыю ў фармальную прававую абгортку.

Але мы — аптымісты! Прыйдзе час, калі мы ўдыхнем жыццё ў дзень 15 сакавіка! Калі Канстытуцыя новай Беларусі стане законам прамога дзеяння. Калі па ўсёй краіне беларусы без усялякай разнарадкі, у гэты дзень, будуць вывешваць БЧБ і святкаваць Дзень Канстытуцыі!

Валер Карбалевіч, палітолаг:

– 15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Дзіўнае сьвята, а – піша Карбалевіч на «Радыё Св*бода». – Яно бярэ свой пачатак з 1994 году, калі была прынятая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. З таго часу Асноўны закон два разы радыкальна мяняўся — у 1996 і 2022 гадах. Тым ня менш Днём Канстытуцыі па-ранейшаму лічыцца 15 сакавіка.

Але справа нават ня ў гэтых фармальных рэчах. Больш важна тое, што дзяржава і грамадзтва даўно жывуць па-за межамі канстытуцыйных нормаў. Асабліва гэта яскрава выявілася пасьля 2020 году.

Як сказаў Лукашэнка, «часам не да законаў». Вось якраз у гэтым рэчышчы і працуюць цяпер дзяржаўныя інстытуты Беларусі. Асабліва гэта тычыцца грамадзянскіх правоў.

Можна канстатаваць, што ў Беларусі цалкам разбурана прававая сыстэма і інстытуты правасудзьдзя. Фактычна ўлады ўзялі на ўзбраеньне канцэпт, што грамадзянамі лічацца толькі тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку.

Усіх, хто супраць рэжыму, аўтаматычна залічваюць у ворагі, заходнія агенты, на іх вешаюць ярлыкі «экстрэмістаў», «тэрарыстаў» і «нацыстаў». Праціўнікі Лукашэнкі фактычна аказаліся пазбаўленымі правоў.

Законы на іх не распаўсюджваюцца. Гэтых людзей можна ня толькі арыштоўваць, біць, катаваць, але нават беспакарана забіваць. Такія выпадкі шырока вядомыя.

У гэтым пляне ўлады раз за разам прабіваюць новае дно. Вось, напрыклад, суд прыняў рашэньне, што цяпер лічыцца «экстрэмізмам» крытыка савецкага пэрыяду гісторыі. Такімі абвясьцілі 12 нумароў часопісаў «Нашай гісторыі» і Arche.

Суд прызнаў, што ў нумарах праводзяцца ідэі, «якія дыскрэдытуюць і ачарняюць савецкую ўладу і савецкую мінуўшчыну Беларусі». То бок паняцьце «антысаветызм» вяртаецца ў юрыдычную практыку.

У сувязі з нападам на расейскі самалёт у Мачулішчах Лукашэнка распарадзіўся «па ўсёй краіне правесьці жэстачайшую зачыстку». Гледзячы па ўсім, гэты інцыдэнт можа стаць трыгерам для новага вітка палітычнага тэрору. Прычым у палітыцы рэпрэсій адбываецца якасная зьмена. Пачалі перасьлед ня толькі палітычных апанэнтаў, людзей, якія хоць неяк датычныя да пратэставай дзейнасьці.

Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя пласты насельніцтва. Людзей хапаюць паводле сацыяльнага ці прафэсійнага статусу. То бок вяртаецца практыка раньняга бальшавізму, калі людзей перасьледавалі паводле клясавага прынцыпу.

Цяпер па ўсёй краіне хапаюць чальцоў стралковых клубаў, руху ралевікоў, страйкбалістаў, рэканструктараў, уладальнікаў дронаў. Прайшлі масавыя затрыманьні псыхатэрапэўтаў і псыхіятраў. Цэлыя вёскі ахоплены суцэльнымі праверкамі і ператрусамі.

Начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што «сыстэмна адпрацоўваюцца» «сваякі і знаёмыя» людзей, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасьці». Зразумела, перасьлед родзічаў апазыцыянэраў — справа ня новая. СМІ паведамлялі пра шмат падобных выпадкаў. Але цяпер гэтая практыка фактычна легітымізуецца.

У сталінскія часы ў заканадаўчых актах існавала адмысловая катэгорыя злачынцаў: «член сям’і ворага народу».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)