Гурневіч: «Ёсць у мяне дробная асабіста-працоўная гісторыя па тактычным прыцягненні Уладзіміра Макея да беларушчыны»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч — на смерць кіраўніка МЗС. Паказальны выпадак, што здарыўся ў часы «мяккай беларусізацыі».

Фота mfa.gov.by

— Ёсць у мяне дробная асабіста-працоўная гісторыя па тактычным прыцягненні Уладзіміра Макея да беларушчыны. Дробязь, але прыемна.

У першыя тыдні 2017 года міністар недзе сказаў, што іншыя дзяржавы крадуць у беларусаў іх герояў. Пералічыў Ігната Дамейку і Тадэвуша Касцюшку. Тады мяне моцна дзівіла, як многія носяцца з беларускасцю Макея і як ён карыстаецца гэтай рыторыкай. Я проста знайшоў нашчадкаў Дамейкі. Усё аказалася вельмі проста. Я ўпісаў у гугл «нашчадкі Дамейкі» і першай старонкай выскачыў нумар тэлефону ў Аўстралію да Паз Дамейкі, праўнучкі паўстанца, навукоўца і героя Чылі. Мы міла пагаманілі, я зрабіў матэрыял для Р*дыё Св*бода, у якім Паз Дамейка расказала, што за ўсё яе жыццё ніхто з уладаў Беларусі ёю не цікавіўся.

Пані дадала, што вось літоўцы цікавяцца, запрасілі яе на канферэнцыю ў Вільню, а пра беларускую візу яна і марыць не можа. Казала, што пэўная беларуская пані прафесарка пераклала кнігу яе прадзеда, але няма каму і як яе выдаць. Сюжэт той я так і назваў — «Праўнучка Дамейкі адказвае міністру Макею».

Ужо праз пару тыдняў да Паз Дамейка ў Сіднэй прыехаў беларускі пасол у Аўстраліі. Ён расказваў ёй, што беларусы — літвіны і што ВКЛ — беларуская дзяржава.

Паз запрасілі ў Беларусь, зрабілі візу, яна нікуды за ёй не мусіла ездзіць. Налета яна прыехала ў Беларусь, на канферэнцыю, прысвечаную яе прадзеду. На тую сустрэчу прыйшоў і сам Макей. Паз запрасілі ў наступным годзе ізноў у Беларусь. Яна прыехала з унукамі. Ужо па бязвізе, які лабіяваў Макей. Ім зладзілі цэлае турнэ па мясцінах Дамейкі, на асабістым аўтобусе, з караваямі, танцамі і прыёмамі мясцовых уладаў. Выдалі таксама кнігу згаданай пані прафесаркі. Нарабілі мора планаў на чарговы візіт, які на жаль сарваўся праз ковід.

Гэта дробная гісторыя і ніяк не апраўдвае нават долі шкоды, якой нарабіў Макей. Які быў ягоны ўласны разлік з Дамейкай, мяне мала цікавіць (такіх гісторый было значна больш, дарэчы).

Мяне цікавіць вынік для беларускасці ў той час. Тая большая тонкасць гульні Макея і нешматлікія нюансы давалі больш тактычных плюсаў апанентам рэжыму ва ўмовах дыктатуры. Хваліць за гэта Макея? Не. Але дзіўна гэта адмаўляць.

У Польшчы, напрыклад, адным з ініцыятараў «круглага стала», які прывёў да падзення камунізма, быў камуніст, адказны за рэпрэсіі кіраўнік МУС. Гэта проста факт, а не камплімент.

Бо была і «альтэрнатыва» у той час — Шуневіч у той самы час апранаўся ў форму НКВД і прымушаў выбачацца падлетка перад помнікам гарадавога.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(22)