Карбалевіч: «Нават у новай канстытуцыі 2022 года напісана, што грамадзянін Беларусі не можа быць пазбаўлены грамадзянства»

Палітычны аналітык – пра сход вярхушкі беларускага рэжыма, на якой абмяркоўвалася магчымая амністыя палітзняволеных, а таксама пазбаўленне грамадзянства беларусаў, што жывуць за мяжой і, на думку ўладаў, «займаюцца экстрэмісцкай дзейнасцю».

– Я памятаю мінулым годам было шмат разважанняў пра амністыю напярэдадні 3-га ліпеня і так званага Дня адзінства 17-га верасня. Тады вялікія высілкі былі ў кіраўніцтва гэтых устаноў, дзе людзі сядзяць за кратамі, якое настойліва патрабавала ад палітвязняў пісаць нейкія прашэнні аб памілаванні, – нагадвае Валер Карбалевіч у сваім новым відэакаментары на Радыё Св*бода.

– Юры Васкрасенскі тады падключыўся да гэтай справы і сказаў, што там ці 100 ці нават 600 заяваў паступіла з просьбай аб памілаванні ад палітвязняў. У выніку ведаеце, колькі выпусцілі? Усего толькі 13. То бок, з вялікая кампаніі атрымаўся вялікі пшык.

Таму эксперт не выключае, што і цяпер можа атрымацца нешта падобнае.

– Сёння, калі не памыляюся, 1321 палітзняволены, – працягвае Карбалевіч. – А, калі нават набярэцца сотня амніставаных, то гэта зусім не шмат. Таму трэба пачакаць вынікаў. Тым больш, што Лукашэнка паставіў там вялікія ўмовы: каб пакаяліся, каб сталі на шлях выпраўлення, каб неяк даказалі, што яны ўжо не супраць. Таму ў мяне вялікіх чаканняў на гэты конт няма.

Лукашэнку падабаюцца людзі, якія, як ён лічыць, маральна зламаныя, якія просяць аб памілаванні, якія каюцца. Яго гэта задавальняла яшчэ ў часы да 2020 года, калі ён усяляк падштурхоўваў палітвязняў, каб яны пісалі такія прашэнні, а цяпер гэта зусім ужо іншы маштаб.

Карбалевіч яшчэ раз падкрэслівае, што ў беларускім палітычным рэжыме ўсе прынцыповыя рашэнні прымае Лукашэнка.

– Гэта персаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады, таму ўсе важныя рашэнні замыкаюцца і зацыкліваюцца на ім. І асабліва Лукашэнка любіць прымаць рашэнні адносна нейкіх людзей: садзіць у турму або вызваляць. І гэта тая ўлада, ад якой ён атрымлівае асалоду.

Што тычыцца пазбаўлення грамадзянства, – працягвае палітычны аналітык, – то, сапраўды, нават у новай канстытуцыі 2022 года ясна і дакладана напісана, што грамадзянін Беларусі не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Кропка. І ніякіх варыянтаў тут быць не можа.

Таму любы закон па пазбаўленні грамадзянства ёсць антыканстытуцыйным. Але зразумела, сёння ў Беларусі на канстытуцыю, нават на тую, што толькі што прынялі, ніхто не звяртае ўвагі.

І проста лагічна ўзнікае пытанне – навошта наогул у гэтую канстытуцыю заносілі гэтае палажэнне, калі яго можна было папросту не заносіць. Зразумела, што гэта грубае парушэнне правоў чалавека, грубае парушэнне беларускай канстытуцыі, але сённяшні рэжым на гэта не звяртае ўвагі, бо стаіць пытанне пра ягонае самавыжыванне.

Да таго ж, на думку эксперта, апошняя нарада ў Лукашэнкі сведчыць пра тое, што Лукашэнка не ўпэўнены, што ён баіцца паўтарэння пратэстаў і што палітычная эміграцыя для яго небяспечная.

– І гэта сапраўды новая сітуацыя, – адзначае Карбалевіч, – бо была ў Беларусі палітычная эміграцыя, пачынаючы ад Рады БНР, потым Зянон Пазняк або Андрэй Саннікаў. Але ж нейкай вялікай небяспекі для рэжыма гэта не складала. Пасля 2020 года практычна ўся палітычная апазіцыя апынулася за мяжой, таму што існаванне палітычнай апазіцыі ўнутры краіны стала немагчымым. Гэта першае.

Другое ў тым, што практычна ўсе незалежныя медыі апынуліся за мяжой таксама. Яны працягваюць працу і транслююць усю інфармацыю ўнутры краіны праз тэлеграм-каналы і іншыя інтэрнэт-рэсурсы. І гэта, сапраўды, стала небяспечным для рэжыма, гэта ўплывае на беларускае грамадства і таму гэтую небяспеку ўлады хочуць нейтралізаваць такімі дзеяннямі з парушэннем канстытуцыі.

Што тычыцца крыжовага пахода на ўладальнікаў карты паляка, па меркаванні Карбалевіча, гэта даволі лагічна.

– Сёння Польшча, як і увесь Захад, аб’яўлена ворагам. Аб’яўлена, што Польшча імкнецца захапіць ці то частку, ці то ўсю Беларусь, – тлумачыць эксперт. – І тут на тэрыторыі Беларусі жывуць людзі, якія маюць карту паляка, то бок маюць дакумент гэтай варожай дзяржавы, і гэта людзі з двайной лаяльнасцю.

А, як такое можа быць у краіне, якая, па сутнасці, аб’явіла дыпламатычную, ідэалагічную, палітычную і псіхалагічную барацьбу суседняй Польшчы? Аказваецца, што тут у тылу цэлая пятая калона.

На 2022 год 160 тысяч беларусаў мелі карту паляка, то бок гэтых людзей нямала, а ў гэтай канфліктнай сітуацыі гэта людзі, якія, па меркаванні Лукашэнкі, з’яўляюцца пагрозай існаму рэжыму. Таму адносна іх і пачынаюцца вось такія разборкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)