Кузняцоў: «Адзінства», якое прыносіцца звонку як вынік геапалітычных гульняў Імперыі — яго як дадуць, так і адбяруць

Палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў — з нагоды чарговай гадавіны аб’яднання Беларусі ў верасні 1939-га.

— Сёньня ў Беларусі на дзяржаўным ўзроўні сьвяткуецца Дзень народнага адзінства, — піша Пётр Кузняцоў. — Сьвята даволі супярэчлівае, калі меркаваць па сацсетках.

Жыхары і выхадцы з Заходняй Беларусі, прынамсі большасьць зь іх, хто хоча выказацца, узгадваюць расповяды сваіх продкаў аб тым, як да 1939 году было ўсё добра, а потым стала кепска. Ім апануюць іншыя, хто ківае на каталізацыю і паланізацыю.

Ну ды Бог зь імі. Я хачу крыху не пра тое.

З фармальнага пункту гледжаньня, у гэты дзень тэрыторыя і, адпаведна, народ Беларусі сапраўды аб’ядналіся пасьля даволі працяглага разьяднаньня — ну, то можна і пра сьвята гаварыць. Але ўсё ж такі з гэтым сьвятам даволі цікавая гісторыя.

У 1921 годзе бальшавіцкая Масква крыху атрымала ў выніку сваіх разборак з Польшчай, у выніку чаго заключыла з Варшавай Рыжскі мір, аддаўшы палякам тую самую палову Беларусі.

У 1939-м зьдзейсьніла паход, дабіўшы Польшчу, якая змагалася з Гітлерам, далучыўшы страчанае назад. Але гэта не фінал гісторыі па фармаваньні сучасных контураў Беларусі. Бо потым было таксама цікава.

У 1941 годзе Беларусь у складзе СССР таксама ўступіла ў Другую сусьветную і ў 1945 годзе, разам зь іншымі краінамі, перамагла. І ня проста стала краінай-пераможцай, але найбольш пацярпелай ад гэтай вайны краінай і, таксама, адной з краін-заснавальніц ААН.

Гучыць крута, але дзякуючы ўсё той жа Маскве, якая вырашала тады лёсы народаў (і вельмі хоча працягваць вырашаць і зараз), мы настолькі «перамаглі», што пазбавіліся часткі сваёй даваеннай тэрыторыі.

Так, ў 1941 годзе Беларусь пачынала пераможную вайну з мяжой, якая была заўважна больш на захадзе, чым пасьля перамогі. Дзеля сваіх інтарэсаў і адносін з палякамі Масква пасьля заканчэньня вайны аддала Варшаве Беласточчыну, якая пасьля 1939-га ўваходзіла ў склад БССР.

Вось такія вось мы апынуліся па выніку «пераможцы»: мала таго, што больш за ўсіх пацярпелі, дык яшчэ і частку тэрыторыяў згубілі ну і, натуральна, частку таго самага «адзінства», прыдбанага быццам ў 1939 годзе.

Я ўсё гэта да чаго. Не да таго, каб тэрытарыяльныя спрэчкі пачынаць — як ёсьць, так ужо і ёсьць. Але, можа, улічваючы гісторыю і гістарычны досьвед, нам бы лепш самую ідэю нацыянальнага адзінства будаваць не на падмурку маскоўскіх ваенных авантураў, а сыходзячы з таго, што адзіны і выключны шлях да адзінства — гэта Незалежнасьць?

Незалежнасьць, якая ёсьць абсалютнай каштоўнасьцью, якую трэба захоўваць і абараняць ўсімі сіламі і рэсурсамі як народа, так і дзяржавы.

Бо «адзінства», якое прыносіцца звонку як вынік геапалітычных гульняў Імперыі — яго як дадуць, так і адбяруць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)