«Мужчыны плацяць вельмі высокую цану за тое, што яны каралі ў патрыярхальным грамадстве»

Доктарка навук, гендарная даследчыца Ірына Сідорская — пра тое, чаму гендарная роўнасць у беларускім грамадстве патрэбна і мужчынам.

— Гендарная роўнасць — гэта не толькі пра жанчын. Гендар — сацыяльны пол, які ёсць і ў мужчын, яны таксама выконваюць гендарныя ролі і адчуваюць на сабе грамадскі ціск адносна таго, хто такі «сапраўдны» мужчына і якія ёсць да яго патрабаванні, — кажа даследчыца ў інтэрв’ю «Е*рарадыё». – Мужчына ведае, што мужчыны не плачуць, ніколі не бываюць у роспачы і разгубленасці.

Заўсёды ведаюць, што рабіць і знаходзяць добрую працу, бо павінны ўтрымліваць сям’ю. «Сапраўдныя» мужчыны — гэта тыя, хто з аднаго боку абавязкова служыў у войску, а з іншага боку — ты маеш добрую працу і шмат грошай таму, што ты мужчына.

Вось гэтым патрабаванням і гендарным стэрэатыпам, якія дзяржава і грамадства накладае на мужчын, вельмі цяжка адпавядаць. Практычна ніводзін чалавек, які б адукаваны і фізічна развіты ён не быў, не можа адпавядаць усім гэтым патрабаванням.

Ірына Сідорская. Фота Facebook

Па другое, дадае экспертка, мужчыны могуць не мець магчымасці рэалізоўваць свае правы.

— Напрыклад, ёсць такая мера судовага пакарання, як арышт. Гэтая мера не прымяняецца да жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да 14 год і да мужчын, якія ў адзіночку выхоўваюць дзяцей да 14 год. Атрымліваецца, што з аднаго боку і маці, і бацька маюць аднолькавыя правы па выхаванню дзяцей, а з другога боку — маці можа карыстацца гэтымі правамі, а бацька толькі калі ён выхоўвае дзіця адзін.

Значыць, права быць бацькам ёсць, а магчымасці для рэалізацыі гэтага права абмежаваны.

Таксама Сідорская адзначае, што мужчыны пакутуюць ад патрыярхальнага грамадства.

— Мне здаецца, што вельмі высокую цану плацяць мужчыны за тое, што яны каралі ў гэтым патрыярхальным грамадстве. Беларускія мужчыны жывуць амаль на 10 год меней, чым жанчыны. Гэта дадзеныя за 2019 год, бо пасля 2020-га статыстыкі, датычнай здароўя і працягласці жыцця ў Беларусі, амаль няма.

Калі ў нас розніца ў працягласці жыцця 10 год, у суседняй Польшчы — 5,4. То бок у два разы меней.

Калі ўзяць краіны, якія займаюць першыя месцы ў гендарных паказчыках, напрыклад скандынаўскія, Канада, Аўстралія — там 3-4 гады.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя кажа, што калі 5 год розніца — гэта больш-менш нармалёвая сітуацыя, але ж не 10, — заключае даследчыца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(14)