Памёр Вітаўт Кіпель

Адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША сышоў на 96-м годзе жыцця.

Пра смерць гісторыка, грамадскага і палітычнага дзеяча паведаміла Радыё Св*бода.

На працягу 40 гадоў Кіпель кіраваў Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва. Быў даследчыкам гісторыі эміграцыі, бібліёграфам, аўтарам даследавання «Беларусы ў ЗША», адзінай на сёння «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе» (разам з Зорай Кіпель). Быў сябрам Прэзідыуму Рады БНР, ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменнікаў, сябрам Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Нарадзіўся Вітаўт Кіпель 30 мая 1927 года ў сям’і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).

Кіпелі змаглі вярнуцца ў Мінск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям’я была вымушаная ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад.

У пасляваеннай Нямеччыне Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, вучыўся ва ўніверсітэце ў Цюбінгене. У Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі здабыў ступень доктара мінералогіі. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з Зорай Савёнак, што стала вернай спадарожніцай жыцця і аднадумцай.

Разам Кіпелі сабралі і сістэматызавалі найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.

Вітаўт Кіпель доўгі час быў выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. З 1982 года дзеяч займаў пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа —Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Адным з найважнейшых акадэмічных унёскаў Вітаўта Кіпеля з’яўляецца праца «Беларусы ў ЗША». Аўтар скрупулёзна збіраў інфармацыю пра беларусаў па кожным амерыканскім штаце.

У 2015 годзе выйшла кніга ўспамінаў Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)