Праваабаронца: Хутка ўвесь беларускі народ стане «экстрэмістам»

Гомельская праваабаронца — пра тое, што адбываецца ў памежных раёнах Беларусі, і пра падвышаны ўзровень «экстрэмізму» ў рэгіёне.

Мяркуючы па складзеным МУС спісе асобаў, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці, Гомельшчына — самы «экстрэмісцкі» рэгіён краіны (а ўсяго ў Беларусі, па стане на канец лістапада, больш як 1800 «экстрэмістаў»). Чым гэта выклікана?

— Гомельская і Магілёўская вобласці лічыліся заўжды больш усходнімі, «канкрэтна прарасейскімі» тэрыторыямі, — зазначае праваабаронца Алена Маслюкова ў эфіры «6TV Bie*aruś». — А калі адбыліся сумнавядомыя падзеі 2020 года, аказалася, што гэтыя рэгіёны зусім не спакойныя. Сёлета ж сітуацыя змянілася ў сувязі з вайной ва Украіне, а  Гомельшчына якраз знаходзіцца на памежжы Расеі, Украіны і Беларусі.

Праваабаронца падкрэслівае, што Беларусь ужо даўно зазнала «мяккую» акупацыю — праз культурніцкія і адукацыйныя праграмы, палітычную падтрымку рэжыму Лукашэнкі з боку РФ. Аднак колькасць «экстрэмістаў», на яе думку, сведчыць, што беларусы атаясамліваюць сябе з Беларуссю, а не з Расеяй:

— Вялікая колькасць «палітычных» судовых працэсаў зараз звязаная з тым, што беларусы выступалі супраць расейскай агрэсіі, супраць прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі, фатаграфавалі вайсковую тэхніку і дасылалі гэтыя здымкі ў незалежныя медыя…

Мноства затрыманняў, прынамсі на Гомельшчыне (за лістапад былі затрыманыя 23 чалавекі ў розных гарадах і мястэчках, і гэта толькі тыя, пра каго мы ведаем), пацвярджаюць тое, што гэтыя настроі не змяніліся.

Я лічу, што такога кшталту затрыманні — нават па артыкулу 19.11 КоАП, за «распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкай прадукцыі», у тым ліку за падпіску на забароенныя каналы, а потым часта, пакуль чалавек на «сутках», сілавікі корпаюцца ў ягоным тэлефоне і распачынаюць ужо крымінальную справу — сведчаць, што ўлада баіцца. А таму цісне на людзей, спрабуе іх палохаць, каб яны адпісаліся ад усяго, што толькі можна, і слухалі толькі БТ.

З іншага боку, пагрозы, фізічны і псіхалагічны гвалт нікуды не дзяваюцца — магчыма, людзі самі сябе агаворваюць. Хоць па законе любы чалавек можа адмовіць міліцыянту ўлезці ў ягоны тэлефон, дзе ўтрымліваецца асабістая інфармацыя — але ім пагражаюць іншым артыкулам таго ж самага адміністрацыйнага кодэксу, «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі».

І дзякуючы такім маніпуляцыям адбываецца грубейшае парушэнне правоў чалавека, бо ўлада дэкларуе, што ёй не да законаў.

Але ўсё гэта, паўтарае Алена Маслюкова, тлумачыцца менавіта страхам уладаў, якія схільныя перабольшваць пагрозы і баяцца любога іншадумства, з-за чаго ў Беларусі, магчыма, рэкордная ў свеце колькасць «экстрэмістаў».

— Людзі жывуць у стане татальнага прэсінгу, і хутка, мабыць, ужо ўвесь народ стане «экстрэмістам», — мяркуе праваабаронца. — Пры гэтым на мяжы з Украінай, паводле апошняй інфармацыі, таксама пачалі будаваць агароджу, беларускія вайскоўцы таксама нібыта плануюць узводзіць агароджу — то-бок, мы замуроўваемся.

Узгадваецца Быкаў са «Сцяной»: хутка Беларусь будзе абнесеная сцяной з усіх бакоў, а гэты пяцікутнік застанецца ў савецкім мінулым…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)