Филин

Валерыя Уласік

Тышкевіч: «З тых фарматаў супрацоўніцтва, якія ёсць у Кітая, з Беларуссю зафіксаваны найвышэйшы»

Аналітык — пра афіцыйны мемарандум паміж КНР і Беларуссю.

Напярэдадні Кітай і Беларусь апублікавалі Сумесную дэкларацыю аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

На што трэба звярнуць увагу ў гэтым дакуменце? У дзвюх частках гэтую аб'ёмную тэму Філін абмеркаваў з палітолагам Ігарам Тышкевічам.

Ігар Тышкевіч

— Для пачатку варта адзначыць імпатэнцыю афіцыйных ідэолагаў. Яны абсалютна беспарадныя, таму што ўпершыню за досыць доўгі час ёсць канкрэтыка, якую яны б маглі выкарыстаць.

Але ў гэтых людзей нават не хапіла розуму надрукаваць гэты тэкст на той жа самай БЕЛТА. Я не кажу ўжо пра тое, што са зместам можна было б папрацаваць. Парадокс у тым, што пахваліліся і далі нармальны тэкст кітайскі «Жэньмінь жыбао». Улічваючы розніцу маштаба краінаў, я б сказаў, што адсутнасць рэакцыі з боку Беларусі — гэта паказальна.

Што тычыцца мемарандуму: большая частка пунктаў у дакуменце мае пэўны сэнсоўны падмурак у адрозненні ад звычайных дэкларацый, якія прапісваюцца ў такім выпадку.

Першае — гэта сам узровень адносін паміж Кітаем і Беларуссю. Мы звыкліся, што ў іх, як і ў іншых, шмат прыгожых слоў кшталту «стратегическое партнерство» і гэтак далей.

Калі перакласці дакумент на чалавечую мову, атрымліваецца, што з тых фарматаў супрацоўніцтва, якія ёсць у Кітая, з Беларуссю зафіксаваны найвышэйшы. І ён вышэй, чым у Расеі, гэта паказальна. Але гэта не азначае поспех беларускай дыпламатыі.

У КНР ёсць такая канцэпцыя развіцця супрацоўніцтва з суседнімі дзяржавамі, якая называецца «Маленькі сябра вялікага сябра». То бок калі Кітай пачынае ўваходзіць у нейкую вялікую дзяржаву, яны знаходзяць меншую па маштабах краіну, якая ў добрых адносінах з першай, і супрацоўнічае з ёй больш хуткімі тэмпамі.

Таму, па-першае, тут хутчэй гэта дэманстрацыя кітайскага падыходу, а не поспех беларускай дыпламатыі. Па-другое, агульныя працэсы вакол ШОС — гэта нейкім чынам КНР пазначае зону свайго патэнцыйнага ўплыву.

У другім пункце мемарандума Кітай робіць рэверанс у бок беларускага рэферэндуму. Хутчэй за ўсё, гэта было прапанавана нашым бокам пры падрыхтоўцы дакументу. Але тое, што другі бок гэта пакінуў, азначае, што Кітай прынамсі сочыць за ўнутрыпалітычнымі падзеямі ў Беларусі. Хоць і не факт, што будзе актыўна ўмешвацца.

У працяг гэтага ёсць трэці пункт, дзе гаворыцца пра пастаянную камісію па заканадаўстве паміж парламентамі КНР і Беларусі. Такія камісіі існуюць дзеля таго, каб пазбегнуць з'яўлення нормаў нацыянальнага заканадаўства, якія супярэчаць інтарэсам або дзейнасці другога боку.

У дадзеным выпадку гэта варыянт, які не пачне працаваць тут і цяпер. Гэта такі пэўны задзел на будучыню. Гэтым Кітай таксама дэманструе, што сыходзіць у супрацоўніцтва глыбей: ён гатовы працаваць прадметна.

Наступны пункт вельмі цікавы ў знешнепалітычным плане. Ён, верагодна, прапісаны ўжо кітайскім бокам. Ідзе гаворка пра дзве ініцыятывы: па глабальным развіцці і глабальнай бяспецы. Гэта ў нечым альтэрнатыва або дапаўненні дакументам ААН.

Пры чым, калі мы гаворым пра ініцыятыву па глабальнай бяспецы, то гэта фактычна канцэпцыя Кітая па рэфармаванні сістэмы бяспекі, якая ёсць у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Таму што КНР прапануе адысці ад рэгіянальных структур, як АБСЕ, і перайсці на агульнасусветную. Магчыма без права вета. То бок нейкі аналаг маштабавання Савета Бяспекі ААН.

Гэта пераклікаецца з расійскімі ідэямі па трансфармацыі Савета Бяспекі ААН, але ёсць адрозненне. Расія вельмі цвёрда настойвае на тым, што права вета мусіць быць захавана. Для КНР гэтае права, асабліва ў руках ЗША, — зло.

І вось па гэтым пункце, па гэтай палітычнай дэкларацыі можна будзе сачыць у будучыні, з Масквой ці Пекінам у той ці іншы момант часу захоча супрацоўнічаць Беларусь.

Такі выбар пасля вайны рана ці позна наступіць. І гэтае галасаванне будзе аўтаматычна азначаць пэўныя санкцыі і ціск другога боку. Таго, за каго Мінск не прагаласаваў.

Вельмі цікавы пункт пра паглыбленне супрацоўніцтва ў маштабах «Пояса і шляху». У папярэдніх дэкларацыях па ўзроўнях супрацоўніцтва беларускі бок, верагодна, прапісваў там і Саюзную дзяржаву, супрацоўніцтва з Расіяй і гэтак далей. Зараз у прэамбуле ёсць толькі ЕАЭС.

Прыемнае для Беларусі — гаворка пра сумесныя прадпрыемствы ў галіне аўтатранспарту, сельгастэхнікі, энергетыкі, біятэхналогій і гэтак далей. Наступнае — пагадненні пра свабодны гандаль паслугамі і свабодны абмен інвестыцыямі паміж краінамі.

Гэта азначае фактычнае адкрыццё Беларусі для кітайскіх інвестыцый, — дадае суразмоўца.

— Вельмі цікава і важна: у тым ліку і акцый беларускіх кампаній. А Лукашэнка вельмі хваравіта рэагуе на любую просьбу ці ідэю прадаць частку акцый дзяржаўных прадпрыемстваў. Проста так, без падстрахоўкі, улічваючы спецыфіку Беларусі, Кітай грошы не прывязе.

Таксама ў дакуменце бакі абавязуюцца развіваць гандаль і забяспечваць лагістыку рэсурсаў для сельскай гаспадаркі, іншымі словамі — угнаенняў: калійных, азотных і фосфарных.

Пекін кажа, што будзе стымуляваць гэты накірунак. То бок краіна разлічвае на тое, што значная частка айчыннай прадукцыі пойдзе ў Кітай. Для афіцыйнага Мінску, з аднаго боку, на фоне санкцый гэта можа стаць пэўнай перамогай: знайшоўся рынак збыту. Так і ёсць.

Але з іншага боку, Беларусь можа забыць пра суперпрыбыткі ў выпадку ажыятажнага попыту. Таму што менавіта Кітай дэкларуе максімальны кошт, па якім яны гатовыя набываць. Так званы «галандскі аукцыён».

Працяг аналізу беларуска-кітайскай дэкларацыі чытайце на нашым сайце пазней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)