Филин

Сяргей Васілеўскі

Усаў: Беларускія парамілітарныя атрады, якія рыхтуюць расійскія інструктары, могуць стаць сродкам кантролю над Лукашэнкам

Палітолаг — пра ролю і магчымасці створанага Віктарам Шэйманам ахоўнага прадпрыемства, якое называюць беларускім аналагам ПВК «Вагнер».

Беларускае ахоўнае прадпрыемства «ГардСервіс», якому Лукашэнка дазволіў мець агнястрэльную зброю яшчэ ў ліпені 2020-га, рыхтуецца да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пра гэта заявіў прадстаўнік пераходнага кабінета Валер Сахашчык.

Па яго словах, колькасць супрацоўнікаў прадпрыемства істотна вырасла і можа складаць больш за тысячу чалавек.

Нібыта персанал вырас за кошт афіцэраў, малодшых камандзіраў і салдатаў спецпадраздзяленняў сілавых ведамстваў Беларусі. Сцвярджаецца, што гэтая структура будзе выкарыстоўвацца для дыверсійнай і штурмавой дзейнасці.

Филин абмеркаваў сітуацыю з палітолагам Паўлам Усавым.

— Улічваючы апісаны Валерыем Сахашчыкам сённяшні колькасны і якасны склад «ГардСервіс», наколькі гэта сур’ёзная сіла?

— Пра гэтае парамілітарнае фармаванне, падпарадкаванае Лукашэнку, упершыню загаварылі яшчэ да вайны. Задача па фармаванні падобных найміцкіх атрадаў была пастаўленая перад Віктарам Шэйманам. Матэрыяльнае забеспячэнне ішло па лініі Упраўлення справамі прэзідэнта. Асноўнай іх базай быў мінскі комплекс «Дынама», а таксама падрыхтоўчы комплекс МНС.

І тады ўжо з’яўлялася інфармацыя, што туды набіралі былых супрацоўнікаў ГРУ Беларусі, былых спецназаўцаў, якія мусілі забяспечваць некалькі мэтаў.

Найперш гаворка ішла пра ахову пэўных нафтавых рэсурсаў лукашэнкаўскага рэжыму ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Другі момант — падаўленне супраціву ўнутры краіны. Гэтае фармаванне і ўзнікла, як рэакцыя на падзеі 2020 года. Персанальная ахова сям’і Лукашэнкі (у дадатак да службы бяспекі), актываў і бізнесу.

З пачаткам вайны ва Украіне, безумоўна, роля і мэты функцыянавання гэтага фармавання змяніліся. Яго падрыхтоўкай адразу ж заняліся інструктары з расійскіх ПВК, таго ж «Вагнера». Нельга выключаць таго, што пасля гэтых інструктажаў і трэніровак некаторыя супрацоўнікі «ГардСервіс» маглі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Натуральна, з расійскімі або сфабрыкаванымі дакументамі, каб гэта ніяк не было звязана з Беларуссю.

Інфармацыя пра дзейнасць «ГардСервіс» засакрэчаная. Тым не менш, інфармацыя, якая праточвалася ў прэсу, у тым ліку незалежныя расследаванні, кажа пра тое, што фінансаваннем гэтай структуры займалася каманда Шэймана.

Тое, што такія групы будуць колькасна павялічвацца, выглядае абсалютна натуральным у сённяшняй сітуацыі. Яны могуць выкарыстоўвацца як у вайне супраць Украіны, для рэалізацыі дыверсійнай дзейнасці.

Але нейкай ключавой, сур’ёзнай ролі ў вайне яны не адыграюць. Бо гэта не тая колькасць, каб пераламіць ход падзей. Я ўсё ж думаю, што найперш такія фармаванні будуць выкарыстоўвацца для вырашэння ўнутраных задач.

Больш за тое, не выключаю, што чальцоў гэтых атрадаў могуць прыцягваць да ліквідацыі апанентаў рэжыму па-за межамі Беларусі.

— Падзеі ва Украіне могуць абвастрыцца ў лютым-сакавіку. Ці можам мы ў гэты момант абвастрэння яшчэ раз пачуць пра «ГардСервіс»?

— Канечне, яны могуць быць задзейнічаныя, гэтага нельга выключаць. Яны могуць выкарыстоўвацца ў якасці дыверсійных груп. Былі звесткі пра тое, што беларускія дыверсійныя групы заходзілі на ўкраінскую тэрыторыю перад вайной, а таксама ў часе вайны, калі дапамагалі вырашаць расійскім ваенным пэўныя тактычныя задачы.

Калі пачнуцца маштабныя баявыя дзеянні і Беларусь стане другім фронтам, гэта будзе дадатковы рэсурс. Але колькасна гэта батальённа-тактычная група, якая можа быць выкарыстаная на якім заўгодна накірунку. Нейкай сур’ёзнай пагрозы для Украіны, як асобная адзінка, яна несці не можа.

Сёння ў Расіі няма магчымасцяў для шырокамаштабнага наступу. Ёй патрэбна зацягнуць вайну, выгандляваць перамір’е, захаваць свае пазіцыі, а для гэтага ён патрэбныя дадатковыя новыя рэсурсы. Такім рэсурсам «ГардСервіс» не можа стаць, бо гэта не армія.

Нават ПВК «Вагнера», які фінансуецца расійскімі алігархамі-мільярдэрамі, вымушаны сёння рэкрутаваць крымінальнікаў, каб проста падтрымліваць сваю функцыянальнасць.

Увесь іх патэнцыял знішчаны, усё, на што яны сёння здольныя, гэта закідваць пазіцыі ўкраінцаў трупамі. Гэтая групоўка, якая налічвае некалькі дзясяткаў тысяч байцоў, не здольная выконваць стратэгічныя задачы.

— Сёння некаторыя эксперты папарэджваюць пра магчымыя правакацыі, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Уявім гіпатэтычную сітуацыю: падрыхтаваныя супрацоўнікі «ГардСервіс» пераходзяць мяжу з Украінай, удзельнічаюць у дыверсіях, баях. І пра гэта робіцца вядома. Ці будзе гэта падставай лічыць, што Беларусь пераступіла апошнюю «чырвоную рысу», непасрэдна ўцягнуўшыся ў вайну?

— Тут пытанне, каму ў такім выпадку яны будуць падпарадкаваныя. Калі гэтая група будзе знаходзіцца пад вайсковым і палітычным кіраўніцтвам беларускага рэжыму, гэта будзе азначаць варожае дзеянне Беларусі.

Фактычна гэта будзе азначаць прамое ўключэнне ў вайну. І не важна, ці будзе гэта нефармальнае войска, нікога гэты момант цікавіць ужо не будзе. Калі ж беларусы з «ГардСервіс» пойдуць у складзе «Вагнера» ці войска РФ, іх будуць разглядаць у якасці расійскай сілы.

Іншая справа, што гэта будзе расцэнена як тое, што Масква пераключыла на сябе кіраванне беларускімі сілавымі структурамі і распараджаецца імі, як пажадае. Што Лукашэнка ўжо не кіруе сітуацыяй.

Важна зразумець і тое, што Украіна не будзе чакаць, пакуль нехта, не важна хто, з беларускімі або расійскімі шаўронамі, пачне ладзіць правакацыі на мяжы. Як толькі будзе зафіксаваная небяспечная актыўнасць, будуць нанесеныя прэвентыўныя ўдары па ўсёй даўжыні беларуска-украінскай мяжы.

Тут ужо ніхто не будзе разбірацца, па кім удараць «хаймерсы» — па «вагнераўцах», «гардсервісаўцах», расійскіх ці беларускіх вайскоўцах. Я думаю, што Лукашэнка цудоўна ведае пра гэта, пра ўдар з вялікімі стратамі ў адказ на правакацыйныя рухі і дзеянні. Макееўка ў дадзеным выпадку можа падацца лёгккім жартам.

Гэта можа азначаць адкрытую вайну, у любым выпадку для Лукашэнкі і ягонага войска гэта нічога добрага не прынясе.

Тут трэба адзначыць яшчэ адзін момант. Тое, што супрацоўнікаў «ГардСервіса» рыхтуюць інструктары расійскіх парамілітарных фармаванняў, азначае магчымасць выкарыстання яго пры патрэбе ў якасці сродка кантролю над Лукашэнкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(14)