Вячорка пра даклад ICAO: Хутка будуць названыя імёны тых, хто меў дачыненне да захопу самалёта Ryanair у Беларусі

Скончылася абмеркаванне даклада па захопе самалёта Ryanair у Беларусі. Бліжэйшым часам ён будзе апублікаваны з імёнамі ўсіх, хто меў дачыненне да акту паветранага пірацтва.

Фото AFP

– Добрыя навіны прыйшлі з Манрэаля, – распавядае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. – Там скончылася абмеркаванне даклада ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі – «С») па захопе самалёта Ryanair.

Паводле Вячоркі, даклад быў дапоўнены і, нягледзячы на ўсе спробы беларускіх уладаў зманіпуляваць фактамі, зрабіць падлог дакументаў, пераканаць, што гэтая пасадка была вымушаная – гэта ўсё правалілася.

– Да дакладу далучылі сведчанні ключавога сведкі, які непасрэдна ўдзельнічаў, бачыў, назіраў за інцыдэнтам. І віна рэжыму была даказаная, – гаворыць дарадца Ціханоўскай.

– Сёння яшчэ было пытанне, ці трэба даклад публікаваць або не, бо спачатку сакратарыят ICAO не хацеў гэтага рабіць. Але частка краінаў – Літва, Польшча, Латвія, Гішпанія, ЗША і шэраг іншых – выступілі з патрабаваннем, каб даклад апублікавалі.

І ўжо ў бліжэйшыя гадзіны або дні мы чакаем, што даклад з’явіцца і там будуць названыя імёны ўсіх тых, хто быў далучаны да захопу самалёта.

Гэты даклад стане асновай для міжнароднага раследавання, а таксама суда супраць рэжыма Лукашэнкі за захоп самалёта, за паветраны тэрарызм.

Таму віншаванні ўсім, – не хавае радасці Вячорка, – гэта, магчыма, невялікі, але вельмі важны крок па ўзнаўленні законнасці і справядлівасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)