Карбалевіч:  «Візіт Лукашэнкі ў Абхазію — крок у накірунку, які б хацела Расія»

Палітычны аглядальнік — пра наступствы гэтай паездкі.

Валерый Карбалевіч лічыць, што візіт Лукашэнкі ў самаабвешчаную Абхазію  — «рэкамендацыя» Пуціна. Ён разважае, чаму менавіта Абхазія, а не Крым ці «ЛДНР», напрыклад.

— «ДНР», «ЛНР», Крым — гэта занадта вялікі факт прагнутасці перад Пуціным. А Абхазія меньш шкодная для рэпутацыі. Што тычыцца інтарэсаў Пуціна, я заўважыў, як актыўна гэтую падзею каментавалі расійскія медыя, то бок для іх гэта важная падзея, — кажа палітолаг у інтэрв’ю «Е*рарадыё».  

У сітуацыі міжнароднай ізаляцыі і адзіноты, у якой апынулася Расія, нават такі дыпламатычны жэст Лукашэнкі — гэта ўжо хлеб, што называецца. Гэтым можна рабіць нейкі піяр. Маўляў, глядзіце, ён так прызнаў Абхазію, а потым прызнае і Крым, «ДНР», «ЛНР» і астатнія. То бок гэта крок у накірунку, які б хацела Расія.

Калі разважаць пра наступствы ад гэтага візіту, то Карбалевіч бачыць такія:

— Гэта можа быць пагоршанне адносін з Грузіяй. Нагадаю, што ў 2015 годзе Лукашэнка наведваў з візітам Грузію і заявіў аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. А цяпер гэта даволі непрыемная сітуацыя для афіцыйнага Тбілісі, і яны пра гэта заявілі, выклікалі беларускага амбасадара.

Здаецца, на гэтым усе, але хто ведае. Калі потым будзе афіцыйнае прызнанне Абхазіі ці ўстанаўленне нейкіх дыпламатычных адносін з ёй, наступствы могуць быць больш значнымі.

Што тычыцца магчымага ўступлення беларускай арміі на тэрыторыю Украіны, якое абмяркоўваецца ў апошнія дні, то эксперт лічыць такое развіццё падзей малаверагодным.

Здаецца, Лукашэнка не хоча рызыкаваць і адпраўляць беларускіх вайскоўцаў ва Украіну, бо гэта не падтрымліваюць ні яго прыхільнікі, ні супернікі. Таму лічу, што ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны малаверагодны.

— Але вось на што Лукашэнка пагаджаецца, так гэта, здаецца, максімальная падтрымка расійскага войска на тэрыторыі Беларусі. Зараз пачала з’яўляцца інфармацыя, што ў Беларусі рыхтуецца з’явіцца вялікая колькасць расійскіх мабілізаваных вайскоўцаў, украінская разведка дае лічбу 20 тысяч чалавек, якія будуць тут рыхтавацца да вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(13)