Филин

Ганна Ваніслаўская

Класкоўскі: Многім туркам надакучыла гэтае кіраванне, і яны хочуць быць бліжэйшымі да Еўропы, а не каб жанчыны ў хіджабах хадзілі

Якая будучыня чакае Эрдагана пасля пройгрышу мясцовых выбараў i да якога нахабства ён не дайшоў? Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.

Фота: EuroTopics

Нагадаем, партыя Рэджэпа Эрдагана пацярпела паразу на муніцыпальных выбарах у Турцыі — такое адбылося ўпершыню за 21 год, якія ён знаходзіцца ва ўладзе.

Аналітык разважае пра дзіўную для беларусаў рысу турэцкай палітычнай рэчаіснасці:

— З аднаго боку, Эрдаган — гэта відавочна аўтарытарны лідар, а з іншага боку, у гэтай краіне яшчэ захаваліся рэшткі дэмакратыі, і на выбарах, мяркуючы па ўсім, галасы лічаць.

Хтосьці думае, што калі Эрдаган паводзіць сябе так, як Лукашэнка, як Пуцін, і выглядае прадстаўніком палітыкі жалезнай рукі, то гэта аўтаматычна азначае, што ніхто не лічыць галасы, што камісіі ў пратаколах пішуць патрэбныя правадыру лічбы. Але ў Турцыі ўсё выглядае болей складана.

Аляксандр Класкоўскі

Так, за гады кіравання Эрдагана краіна прайшла даволі вялікі шлях у кепскім для дэмакратыі кірунку — у бок не толькі аўтарытарызму, але яшчэ і ісламскай дзяржавы. Некалі Мустафа Кемаль Атацюрк — заснавальнік сучаснай турэцкай дзяржавы — заклаў у яе падмурак свецкія прынцыпы, і яны доўга трымаліся.

Эрдаган пачаў арыентавацца на болей кансерватыўную частку грамадства і пайшоў у кірунку ісламізацыі дзяржавы. Але да такога нахабства, каб не лічыць галасы на выбарах, ён не дайшоў.

На думку Аляксандра Класкоўскага, Эрдаган бярэ іншым:

— Ён, канечне, выкарыстоўвае адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурсы. Дарэчы, ён вельмі харызматычны прамоўца, дагэтуль збірае вялікія мітінгі (паўтара мільёна сабраў мітынг у абарону Палесціны), у адрозненне ад Лукашэнкі, які страціў былы імпэт і чые «сустрэчы з народам» цяпер вельмі адрэжысіраваныя, штучныя.

Стомлены, пастарэлы Лукашэнка на іх выглядае ўжо не так, як на пачатку палітычнай кар’еры, а вось у Эрдагана ў гэтым плане яшчэ ёсць порах. Але хоць ён і аўтарытарны лідар, тым не меней галасы там лічацца, і мы бачым трыумф апазіцыі на выбарах у шэрагу буйных гарадоў.

Турцыя — гэта краіна кантрастаў. У Беларусі ўжо ўсё асфальтавым катком раструшчылі, а вось там, з аднаго боку, праявы дзікага аўтарытарызму і жорсткасці, з іншага, як ні дзіўна, сапраўды чальцы камісій, мяркуючы па ўсім, лічаць бюлетэні.

— Якая будучыня чакае Эрдагана ў сувязі з вынікамі выбараў?

— Эрдаган летась перамог на прэзідэнцкіх выбарах, ён да 2028 года будзе кіраваць краінай. Гэта будзе вельмі напружаны перыяд для Турцыі, таму што ягоныя палітычныя праціўнікі цяпер адчуюць энтузіязм, прыліў сіл і будуць змагацца далей.

Праціўнікі Эрдагана — тыя, хто не хоча ісламізацыі Турцыі, а хоча, каб яна была свецкай дзяржавай, бліжэйшай да Захаду. Барацьба паміж гэтымі тэндэнцыямі — ісламізацыяй і запытам на вестэрнізацыю, свецкую дзяржаву — цяпер, мяркую, абвострыцца.

Эрдаган — спрытны і жорсткі палітык, ён хітры, у свой час быў доўга прэм’ерам, а потым перасеў у прэзідэнцкае крэсла. Тады прэзідэнцкія паўнамоцтвы былі дэкаратыўныя, сімвалічныя. Але ён правёў рэферэндум і перацягнуў коўдру на сябе.

Фактычна гэта і дало яму царскія, кажучы словамі Лукашэнкі, паўнамоцтвы. Ён пачаў падмінаць усе галіны ўлады пад сябе. Таму і цяпер, напэўна, ён нешта пачне прыдумляць, каб захаваць і ўмацаваць сваю ўладу, хаця і паабяцаў, што гэта апошні ягоны тэрмін. Але ж і Лукашэнка неаднойчы казаў, што наеўся ўлады, таму надта верыць на слова такім правадырам не выпадае.

Думаю, што Турцыю чакае вельмі вострае ўнутрыпалітычнае змаганне між двума асноўнымі сіламі. Многім надакучыла гэтае кіраванне, і яны хочуць быць бліжэйшымі да Еўропы, а не каб жанчыны ў хіджабах хадзілі і ўвогуле кансерватыўны лад жыцця ўмацоўваўся.

Таму думаю, што, з аднаго боку, Эрдаган паспрабуе закручваць гайкі, а з іншага — ягоныя праціўнікі таксама будуць нарошчваць свае сілы дзеля таго, каб спыніць ісламізацыю і павярнуць хаду палітычных падзей у іншы бок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)