Латушка: «Уявіце сабе, што Лукашэнка штосьці з кімсьці будзе ўзгадняць»

Палiтык – аб выніках «Усебеларускага народнага сходу».

24 красавіка Лукашэнка заняў пасаду старшыні УНС, яго намеснікам стаў ягоны памочнік Аляксандр Косінец. Пра што гэта можа сведчыць, паразважаў прадстаўнік АПК і глава НАУ Павел Латушка.

Павел Латушка

— Зразумела, Лукашэнка не хоча аддаваць уладу, ствараць паралельныя інстытуты, якія будуць падпарадкоўвацца іншым асобам, — кажа Павел Латушка ў эфіры Белсат. — Ён фармаваў і рэалізоўваў гэтую ідэю, калі ў 2020 годзе Масква паставіла перад ім умовы аб неабходнасці пайсці на транзіт улады.

Але ўжо па ходу дзеянняў Лукашэнка зразумеў, што яму ўдалося здушыць народны пратэст, узяць пад кантроль грамадства праз таталітарную сістэму, і ён вырашыў нівеліраваць усе магчымыя ўладныя функцыі ва УНС.

УНС трэба разглядаць як надбудову ў выглядзе штосьці накшталт парламенту, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным для еўрапейскіх краін, калі ў нас ужо тры палаты парламента. Але ён не мае фактычна ніякіх паўнамоцтваў.

Лагічна, што Лукашэнка ўзначаліў і гэты інстытут, бо там, напрыклад, трэба ўзгадняць прапановы прэзідэнта па некаторых пытаннях. Уявіце сабе, што Лукашэнка штосьці з кімсьці будзе ўзгадняць.

Пры гэтым палітык лічыць, што Лукашэнка можа скарыстацца УНС для транзіта ўлады ў сітуацыі, калі яго здароўе будзе вельмі праблемным.

Латушка таксама адзначае, што Лукашэнка ніколі не меў намеснікаў, не было пасады віцэ-прэзідэнта. Але ў УНС такая пасада намесніка ёсць, яе заняў Аляксадр Косінец.

— Фактычна ён упершыню ўвёў у палітычнай сістэме, канстытуцыйным органе, пасаду намесніка кіраўніка. Але ён усё ж такі прапісаў, што намеснік старшыні прэзідыума УНС не можа замяшчаць старшыню, а можа толькі выконваць функцыі па даручэнні старшыні.

Значыцца, Лукашэнка можа яму штосьці даручыць, але выконваць поўнасцю функцыі старшыні ён не стане.

Па словах Латушкі, ён ведае Аляксандра Косінца. Палітык прыгадвае даўнюю размову з ім, якая адбывалася ў кабінеце адпачынку Косінца на працягу трох гадзін.

— Ён прапаноўваў мне ўвайсці ў яго каманду і заявіў, што хоча стаць прэм’ер-міністрам Беларусі. Я думаю, што тая размова была зафіксавана КДБ: не ўяўляю сабе, што ў кіраўніка вобласці не былі праслухоўкі.

Гэта вельмі актыўны чалавек, вельмі амбіцыйны. Ён быў зняты з пасады кіраўніка адміністрацыі менавіта за сваю амбіцыйнасць, бо лез таксама ў тыя функцыі, якія перадусім належаць Лукашэнку. Ён фактычна прыкрываўся яго імем і даваў даручэнні, якія не даваў сам Лукашэнка.

Лукашэнка рызыкуе з прызначэннем Косінца. Можа, канешне, узрост дае сваё, і Косінец стаў ужо больш павольным, памяркоўным чалавекам, але, памятаючы яго з таго часу — гэта чалавек, які ў нейкай сітуацыі мог бы кінуць выклік Лукашэнку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(7)