Лябедзька: «Беларуская армія па сваёй сутнасці не прарасейская»

Чаму Пуціну важна знішчыць беларускае войска і ці пагадзіцца на гэта Лукашэнка?

— Задача Пуціна нумар адзін — гэта прывесці да сітуацыі ненавісці ўкраінцаў да беларусаў і наадварот. А гэта можна дасягнуць толькі тады, калі беларусы паўнамаштабна ўцягнуцца ў вайну, — кажа палітык Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю каналу «6TV Bie*arus». — Другая задача Пуціна — максімальна ліквідаваць беларускую армію.

Вучэнні беларускай арміі, 2021 год. Фота ТАСС

Я ўсё ж такі лічу, што беларуская армія па сваёй сутнасці не прарасейская. Для вырашэнняў гэтых задач Пуцін, канешне ж, спрабаваў схіліць Лукашэнку да ўдзелу ў паўнамаштабнай вайне. Але на што Лукашэнка пагадзіўся? З’ездзіць у Абхазію і, магчыма, заплыць за такі буёк, за які ён імкнецца не выплываць — гэта прадаставіць тэрыторыю і інфраструктуру.

Палітык лічыць, што для Пуціна было б ідэальным варыянтам, калі б беларускае войска уступіла ў вайну з Украінай.

—  І каб яе там раскалашмацілі, бо тады Беларусь будзе больш дасягальнай для Пуціна. Трэба аддаць належнае: Лукашэнка мае пэўны інстынкт самазахавання. І апошні час ён моцна тасуе сваіх сілавікоў, ён імкнецца выхоўваць сілавікоў для сваіх мэтаў і задач, і менавіта Лукашэнку сёння сілавікі абавязаны сваім палітычным статусам. Тое, што ён пасадзіў іх на розныя фінансавыя патокі ці даў магчымасць займацца бізнесам — гэта дзякуючы Лукашэнку, а не Пуціну.

Нядаўна дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што расійскія вайскоўцы могуць зладзіць бунт у Беларусі. Лябедзька лічыць, што расійскія вайскоўцы наўрад ці будуць праводзіць які-небудзь бунт у Беларусі.

—  Што датычна бунту, то тут можа быць іншы сцэнар, калі расейскія вайскоўцы прыходзяць у Беларусь, як гэта было падчас вучэнняў, і калі гэта пад 30 тысяч чалавек, то, канешне, гэта такая ціхая акупацыя. Яны не будуць бунтаваць, яны проста могуць атрымаць нейкі загад да нейкіх пэўных дзеянняў.

Такая пагроза ёсць, таксама як і застаецца пагрозай, што падчас ціску з боку Пуціна ў бок Лукашэнкі, апошні можа пагадзіцца на стварэнне расійскіх вайсковых базаў, якіх пакуль няма.

Што тычыцца таго, як Беларусь можа быць яшчэ ўцягнутая ў вайну Расіі супраць Украіны, Лябедзька лічыць так:

— Найбольш верагодна, што будзе прадастаўлена тэрыторыя і інфраструктура расейцам. Думаю, Лукашэнка будзе і далей імкнуцца не ўцягнуцца ў поўнамаштабную вайну. Усе ж такі ён адрознівае, што быць хаўстнікам Пуціна — гэта адно, а саўдзельнікам у поўнамашабнай вайне — гэта абсалютна розныя рэчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(18)