Филин

Сяргей Васілеўскі

Магда: Расія гатовая выкарыстаць прымаўку «Бі сваіх, каб чужыя баяліся» адносна Беларусі

Украінскі палітолаг – пра рэалістычнасць чарговага сцэнара па ўцягванні Лукашэнкі ў вайну.

Эксперты амерыканскага Інстытута Роберта Лансінга перасцерагаюць, што Лукашэнка рыхтуецца да рэальнай вайны і ягоныя адпаведныя заявы закліканыя падрыхтаваць да гэтага насельніцтва Беларусі.

У публікацыі адзначаецца, што за гэтым стаіць Масква, якая даўно намагаецца ўцягнуць свайго саюзніка ў вайну. Дзеля гэтага, папярэджваюць эксперты, расійскі бок можа арганізаваць серыю тэрактаў на тэрыторыі Беларусі і ўскласці адказнасць за іх на полк Каліноўскага.

Тактычная мэта Крамля, мяркуюць у Інстытуце Роберта Лансінга, наступная:

— Уцягванне Беларусі ў вайну створыць лакальныя ачагі баявых дзеянняў уздоўж украінска-беларускай мяжы, што вымусіць Кіеў вывесці частку сваіх рэзерваў з зоны баявых дзеянняў да мяжы з Беларуссю.

Канчатковай жа мэтай Расіі з’яўляецца «дэстабілізацыя Беларусі» і «атрыманне над ёй поўнага кантролю».

Филин абмеркаваў агучаны ў публікацыі сцэнар з палітолагам, дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдай.

Яўген Магда, фота facebook.com/yevhen.mahda

— Амерыканскі Інстытут Роберта Лансінга выступіў з чарговай гучнай заявай, датычнай Беларусі. Наколькі гэтая публікацыя адэкватная сённяшняй сітуацыі? Ці бачыце вы выразныя прыкметы таго, што Масква прымушае Лукашэнку ўцягвацца ў вайну? Што ў Крамлі дзеля гэтага гатовыя нават на тэракты ў Беларусі?

— Трэба разумець, што Беларусь сёння цалкам падпарадкаваная Расіі. І ў палітычным сэнсе, і ў эканамічным, і ў любых сэнсах, якія толькі можна ўявіць, пануе Расія. Таму ніякіх ілюзій тут быць не можа.

Тое, што напісалі даследнікі Інстытута Лансінга, я думаю, цалкам адпавядае рэчаіснасці. Ёсць такая расійская прымаўка «Бі сваіх, каб чужыя баяліся». Я думаю, што Расія цалкам гатовая выкарыстоўваць яе адносна Беларусі.

Бо ўжо была гісторыя ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, якога расійскія спецслужбы выкралі на тэрыторыі Беларусі, каб дыкрэдытаваць Лукашэнку. Былі іншыя падобныя рэчы.

Лукашэнка знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад Пуціна. Ён, напэўна, намагаецца знайсці спосаб, каб саскочыць з гэтай прывязі. Але наколькі паспяховымі будуць гэтыя спробы, мне цяжка ўявіць. Я думаю, што вялікіх поспехаў у яго тут не будзе.

— Расійскі гісторык Юрый Фельшцінскі неаднаразова выказаў думку, што вызваленне Беларусі з выкарыстаннем ваеннай сілы стане ключом да паразы Расіі ў вайне супраць Украіны. Абгрунтаванне гучыць лагічна: Беларусь выкарыстоўваецца Расіяй у якасці плацдарма, адсюль сыходзіць пагроза суседзям. Але наколькі такі сцэнар рэалістычны?

— Юрый Фельшцінскі вядомы сваімі дастаткова радыкальнымі заявамі. Але я б хацеў тут звярнуць увагу на наступнае. Украіна вядзе вайну з Расіяй. І ёй наўрадці цікава павялічваць даўжыню фронту.

Таму я лічу не надта рэалістычным сцэнар, калі ўкраінскі бок вырашыць паваяваць яшчэ і з Беларуссю. Ці, як пра гэта цяпер час ад часу кажуць, запусціць на беларускую тэрыторыю каліноўцаў.

Іншыя суседзі Беларусі, за выключэннем Украіны, уваходзяць у НАТА. Гэта абаронна-палітычны альянс. І ўявіць сабе, што НАТА дзейнічае наступальна адносна Беларусі, я на сённяшні момант не магу.

Але я думаю, што краіны Люблінскага трыкутніка (Украіна, Польшча, Літва) мусяць рыхтавацца да таго, каб пасля смерці Пуціна здзейсніць супольную інтэрвенцыю, якая б паклала канец рэжыму Лукашэнкі.

Гэта непростае пытанне, яно патрабуе шырокага абмеркавання. Але я думаю, што такі крок быў бы цікавы і неабходны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)