Политика

Усаў: «Нават не Карпянкоў, не Галоўчанка — твар «Дзяржавы», а гэты «медык» з Акрэсціна»

Палітолаг — пра надзею на справядлівасць і дух сістэмы.

— Можа скажу жорсткія словы, але, трэба ўмець не толькі выбачаць, але і ненавідзець. Ненавісць дапамагае памятаць пра злачынствы, асабліва пра мэтанакіраваны гвалт, — піша Павел Усаў.

Павел Усаў

Тыя, хто іх здзяйсняе тады і цяпер, павінны ведаць, што пакаранне непазбежнае для ўсіх, ад шэраговага надзорцы ў вязьніцы, да квазіміністра.

Таму, калі нехта яшчэ захоча паплакацца над смерцю чарговага чыноўніка Лукашэнкі, нейкага кішэннага алігарха, паклапаціцца пра лесы йх дзяцей ці бізнэса.

Палітолаг прапануе тым, хто кажа «ну не ўсе так адназначна, не ўсе так кепска было», прачытаць тое, што піша былая палітзняволеная Вольга Гарбунова пра сваё знаходжанне на Акрэсцьна:

— Аднойчы я ў СІЗА разьвітвалася з жыцьцём, я думала, што паміраю і мне ніхто не дапаможа з мэдыкаў. Памятаю, як я ляжала, плакала і ў думках разьвітвалася з блізкімі.

Я ня ведаю, як гэта — апынуцца ў іх у закладніцах на гады. Каб спалохацца за сваё жыцьцё, мне хапіла некалькі месяцаў хворых нырак ад холаду на Акрэсьціна, двух ковідаў, выкашліваньня лёгкіх, пары прыступаў страўніка, парушаных гармонаў, запаленьня суставаў і анальных крывацёкаў ад нерухомасьці, зьніжанага зроку, поўнага роту крыві пасьля некалькіх тыдняў адсутнасьці зубной шчоткі і ўсякіх іншых «дробязяў».

Калі я не магла дыхаць і задыхалася, мэдык хацеў слухаць мае лёгкія праз кармушку. На хвіліначку — маёй сяброўцы менавіта так, праз кармушку, праводзілі агляд кутняй кішкі (не ў СІЗА): ён проста ёй сказаў «станьце сьпінай да дзьвярэй і нахіліцеся».

«Ды нічога страшнага, проста зэчка ёб*улася са шконкі!» і «Здохні, толькі не на маёй зьмене!» — сказаў «медык», — успамінае Гарбунова.

— Вось, нават не Карпянкоў, не Галоўчанка — твар «Дзяржавы», а гэты «медык», шэрая, прагнілая, невядомая постаць. Ён — сэрца сістэмы. Без ідэнтыфікацыі такіх ценяў, дух сістэмы будзе існаваць, — лічыць Павел Усаў.

Я не ведаю, ці вядзецца сістэмная, інстытуцыянальная праца ў гэтым накірунку (гвалт, катаванні, адказныя за прысуды і тэрор). Знайшоў некалькі ініцыятыў-старонак ў інтэрнэце, але хто, якая група адказвае за агульную, сістэмна-інстытуцыянальную працу і следства па кожным ўчынку (палітычнае дзеянне таксама).Тым больш што ў медыя-прасторы не гучаць голасна назвы і маштабы дзейнасці, акрамя сумна вядомай Чорнай Кн*гі Беларусі. Гэта, хутчэй сітуацыйныя ініцыятывы, а такая дзейнасць павінна голасна гучаць і мець усебаковую падтрымку.

Функцыянаванне такога інстытуту на дадзены момант і на будучыню з’яўляецца ключавым для перамен, бо гэта інструмент вынішчэння духу сістэмы, а ён ўсцяж не створаны.

Людзі, якія займаюцца гэтай дзейнасцю важнейшыя за ўсе іншыя палітычныя ініцыятывы (можа быць, параўнальны бадай толькі з каліноўцамі), штабы і кабінеты, бо даюць беларусам вельмі важную рэч: надзею на справядлівасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(45)