Вольскі: «Усё болей музыкаў зьяжджае зь Беларусі. І, пакуль працягваецца цяперашняя сытуацыя, ніхто не зьбіраецца назад»

Што чакае тых, хто вернецца на радзіму, разважае вядомы музыка.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

— Ну, ясна. У краіне — дэфіцыт кадраў. Разьехаліся па замежжах. І адтуль пішуць у сваіх інтэрнэтах, камэнцяць і лайкаюць. І ім за гэта нічога ня будзе. Калі яны ня вернуцца, — піша Лявон Вольскі.

Значыцца, трэба іх вярнуць. Каб яны прыехалі, занялі працоўныя мейсцы і былі пад кантролем. Бо яны ж усе прагнуць вяртаньня, праўда? У глыбіні душы. Ну то вось хай вяртаюцца, клянуцца ў вечнай вернасьці ўладзе і ходзяць па струнцы.

Цяпер возьмем прыклад. Умоўны беларускі музыка зьехаў зь Беларусі, бо хадзіў на маршы, граў у дварах і пасьля гэтага паўтара году ня меў канцэртаў. На Захадзе (напрыклад, у Польшчы) ён, каб выжыць, уладкаваўся ахоўнікам (мэрчэндайзэрам, грузчыкам) у гіпэрмаркет. Пару разоў на месяц грае канцэрты для тутэйшых беларусаў.

У пэрспэктыве — стварэньне гітарнае школы (студыі, канцэртовае агенцыі, прадусарскага цэнтру). Хочацца дадому. А тут запрашаюць вяртацца. Што нашага музыку чакае на радзіме пры ўмоўнай адсутнасьці розных крымінальных ды адміністратыўных артыкулаў?

Канцэртаў ня будзе. Ніякіх. Гэтая дзейнасьць пад пільным кантролем. Нават кавэр-бэнды цяпер у зоне рызыкі. Узгадняецца рэпэртуар і вывучаецца біяграфія музыкі — дзе, калі і з кім граў? Гэты тэст праходзяць далёка ня ўсе.

Што там казаць пра прадусарскія цэнтры! Застаецца прадаць гітару ды ўладкавацца грузчыкам у гіпэрмаркет (калі мясцовы ідэолаг дазволіць — з такой сумнеўнай біяграфіяй!).

Таму ўсё болей музыкаў зьяжджае зь Беларусі. І, пакуль працягваецца цяперашняя сытуацыя, ніхто не зьбіраецца назад. Яшчэ й цераз тое, што кожны музыка мае сябра ці знаёмага гітарыста-басыста-вакаліста, які зараз сядзіць у турме.  Пра якое вяртаньне вы там плявузгаеце?!

І гэта толькі адна вузкая музычная сфэра. Разумееце?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)