Хто забіў Францішка Аляхновіча. Зноў адкрытыя факты
3 сакавіка 1944 году, 80 гадоў таму, у Вільні ва ўласнай кватэры на вуліцы Ясінскага быў забіты беларускі драматург, пісьменьнік, артыст, тэатральны рэжысэр, тэатразнаўца, рэдактар і выдавец, грамадзкі дзяяч Францішак Аляхновіч.
Хто ўчыніў злачынства і хто яго замовіў? Пра гэта піша Сяргей Дубавец на Радыё Свабода.
Постаць першае велічыні
Францішак Аляхновіч пражыў вірлівае жыцьцё, поўнае падзеяў, эмоцыяў і абсалютных творчых узьлётаў, пазачасавага плёну… І быў забыты. Аўтар двух дзясяткаў п’ес, грунтоўнага дасьледаваньня „Беларускі тэатар“ і таго самага эўрапейскага бэстсэлеру „Ў капцюрох ГПУ“, пра ўласны досьвед сядзельца сталінскіх Салаўкоў, якія яшчэ ніхто не называў ГУЛАГам…
Быў забыты, а дакладней, пасьля вайны быў наглуха забаронены, засакрэчаны, схаваны ў таемныя архівы, як тады думалі, назаўсёды. Але ўсе падобныя забароны насамрэч часовыя, і Аляхновіча зноў пачалі друкаваць у 1990-я.
Уражвае энэргетыка ягонага пісьма і ягонай асобы. Ён літаральна прадзіраўся праз сваю долю беларускага (што для многіх значыла — трэцеразраднага) творцы, выцягваючы і сябе, і тэатар, і ўсю нашу культуру на эўрапейскую сцэну, пераадольваючы правінцыялізм і аматарства. А ўлады — што расейскія, што польскія ў Заходняй Беларусі — гвалтам вярталі яго назад, дазваляючы ягонаму тэатру толькі аматарскі статус.
І вось, пачынаючы з 1990-х, тытан стаў разгортвацца ўва ўсю сваю веліч. Вярнуліся на сцэну ягоныя п’есы, публіку проста прыгаломшыла перавыданьне ягоных „Капцюроў“, на Росах у Вільні паўстаў яго кенатаф працы выдатнага скульптара Эдуарда Падбярэскага, зьявіліся кнігі пра Аляхновіча, тэлеперадачы і фільмы пра яго. І гэтую хвалю ўжо было не спыніць.
Аляхновіч імкліва заняў сваё месца ў першым шэрагу нацыянальнага пантэону. І з новай сілай загучала пытаньне: хто забіў клясыка?
Разгадка блізка
Адказ знайшоўся амаль што „на паверхні“. Гэтую крыніцу падказаў мне дасьледнік зь Беларусі, імя якога ў мэтах бясьпекі я назваць не магу. Факт пададзены ў літоўскай савецкай кнізе, зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў «Літоўскі народ у Вялікай Айчыннай вайне (1941–1945)» (Lіetuvos lіaudіs Dіdžіajame Tėvynės kare (1941–1945). Vіlnіus, «Mіntіs», 1982). На старонцы 274 знаходзім дакумэнт пад нумарам 311, ён прыводзіцца ў перакладзе з расейскай, бо арыгінал адпраўляўся ў Маскву:
«Са зводкі ЛШПР (Літоўскага штабу партызанскага руху) № 7 (25) пра зьнішчэньне акупантаў і іх памагатых.
15 сакавіка 1944 году партызаны паведамілі, што ў Вільні партызаны забілі адказнага рэдактара выдаванай немцамі на беларускай мове газэты «Беларускі голас», Ф. Аляхновіча».
У зносцы ўдакладняецца: «Гэтую акцыю правяла дывэрсійная тройка Віленскага гарадзкога атраду на чале зь Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам)».
З выканаўцамі быццам усё зразумела, але яны маглі й ня ведаць, каго ім загадалі забіць і за што яны яго забіваюць. І нам застаецца толькі дамаляваць усю карціну.
Хто замовіў забойства
Літоўскі савецкі партызанскі рух, як і беларускі, быў створаны і кіраваўся з Масквы. Узначальваў цэнтральны штаб усяго савецкага партызанскага руху першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, а літоўскім штабам кіраваў першы сакратар ЦК КПЛ Антанас Сьнечкус. Зразумела, што як агульныя, так і лякальныя задачы яны вырашалі разам. Больш за тое, адно з двух найбуйнейшых фармаваньняў літоўскіх партызанаў разьмяшчалася ў Рудніцкай пушчы, на паўднёвы захад ад Вільні. На месцы ім кіраваў падпольны Паўднёвы абкам КПЛ. Рудніцкая пушча перацякала ў Налібацкую, і таму ў партызанскім асяродку ніякіх рэгіянальных ці тактычных або нацыянальных падзелаў не было.
Адным парадкам ішло лясное жыцьцё, учыняліся дывэрсіі, здабываўся харч і слаліся справаздачы на „большую землю“, у Маскву. Таксама адным парадкам зьнішчаліся нацыянальныя школы, што ўзьніклі пад нямецкай акупацыяй, грамадзкія арганізацыі і ўсё іншае, што было пад корань высечана за саветамі, а цяпер ажыло.
Дзіўныя мэтамарфозы здараюцца ў гісторыі. Вілянчук ад нараджэньня Францішак Аляхновіч быў забіты ў сваім родным горадзе як «памагаты акупантаў», а сёньня ў Вільні, дзе афіцыйна прызнаная савецкая акупацыя Літвы, памагатымі акупантаў лічацца тыя, хто забіў беларускага драматурга.
І гэта цалкам лягічна з гледзішча Літвы, літоўскае нацыі і літоўскае тоеснасьці, пра захаваньне якіх ня дбалі ні немцы, ні саветы. Адказнасьць за сябе і за сваё — мову, культуру, гістарычную памяць, будучыню дзяцей Літвы — несьлі самі літоўцы ў самых неспрыяльных умовах, пад скрыжаваным агнём арміяў чужых дзяржаваў, якія іх прымалі за «памагатых акупантаў», што з аднаго боку, што з другога.
А яны, між тым, дбалі адно пра выжываньне на ўласнай зямлі.
Аляхновіч у Вільні быў адным са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту, які хадайнічаў перад немцамі пра вызваленьне з турмаў невінаватых людзей. Вызваляць удавалася, і гэтай справе адводзіўся асноўны час. Зоя Каўшанка, юрыстка і каляжанка драматурга ў БНК, успамінала пра тое, чым яшчэ яны займаліся і што ў трактоўцы забойцаў было «дапамогай акупантам»:
«Спрадвеку Вільня была асяродкам беларускага нацыянальнага руху, і цяпер, калі яна апынулася на тэрыторыі генэральнага камісарыяту Літвы ці, інакш кажучы, была далучаная да Літвы, нехта мусіў заапекавацца беларускай спадчынай, прыдбанай мінулымі пакаленьнямі. Гэта і ўзяў на сябе БНК. Найбуйнейшымі нацыянальнымі аб'ектамі былі беларуская гімназія й беларускі музэй. Яны захаваліся, і праца ў іх ішла нармальна.
Зь вялікімі высілкамі БНК дамогся паўгадзіннае радыёперадачы на беларускай мове. Гэта былі першыя беларускія перадачы зь Віленскае радыёстанцыі. На жаль, трывалі яны нядоўга. Аднойчы, калі мы з Аляхновічам прыйшлі чытаць перадачу, нас не пусьцілі.
У акруговым камісарыяце нам растлумачылі: літоўцы ня хочуць, каб на Віленскім радыё была беларуская перадача, а паколькі Вільня належыць да літоўскай акругі, немцы ня хочуць зь імі спрачацца. Выглядала так, што літоўцы баяліся канкурэнцыі беларускага элемэнту ў Вільні.
Другім дасягненьнем была газэта «Беларускі голас». Згодна з умовай, палова газэтнае плошчы мелася йсьці пад матэрыял, які даваў аддзел прапаганды, а палову газэта давала свайго, які, безумоўна, праходзіў цэнзуру. Фактычна аддзел прапаганды даваў трэцюю або чацьвертую частку нумару, пераважна паведамленьні з фронту. Рэшту рэдакцыя запаўняла сваімі тэкстамі культурна-нацыянальнага зьместу.
Камітэт ладзіў таксама канцэрты й лекцыі. Гэта былі, прыкладам, юбілейны канцэрт на 25-я ўгодкі гімназіі, выстава абразоў П.Сергіевіча, канцэрт М.Забэйды-Суміцкага. Нашыя культурныя справы немцаў мала цікавілі». («Наша Ніва», № 4, 1991)
Затое востра цікавілі беларускія культурныя справы цэнтральны штаб партызанскага руху і асабіста яго начальніка Панцеляймона Панамарэнку.
Яшчэ ў 1938-м, заступіўшы на пасаду кіраўніка БССР, гэты краснадарскі казак з галавой узяўся вынішчаць усё беларускае, якое для яго было — „нацыянал-фашысцкае“. Толькі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, каб абразіць беларушчыну, ён ужываў перакрыўленае беларускае слова «щирые», а не «сьвядомыя».
Гэта Панамарэнка прасіў у Сталіна дазволу арыштаваць Купалу і Коласа, а ў якасьці чальца «тройкі» НКВД вынес 4650 расстрэльных прысудаў. Здавалася б, зачысьціў «щирых» дазваньня. А тут пачалася вайна, і тыя зноў, дзе ні глянь, прабіваюцца як трава праз асфальт. Але ж і ён на кані, хоць і ў Маскве, але з цэлым сваім партызанскім рухам «на местах».
У Менску савецкія партызаны проста ў рэдакцыі «Беларускай газэты» забіваюць яе рэдактара Ўладзіслава Казлоўскага. У Вільні, не прайшло і паўгода, савецкія партызаны забіваюць рэдактара «Беларускага голасу» Францішка Аляхновіча.
Сюжэты падобныя, замоўца той самы і выканаўцы з аднаго фармаваньня. Хіба што постаці ахвяраў не параўнальныя.
На момант гібелі Францішак Аляхновіч заставаўся на ўсю Беларусь найбуйнейшай фігурай сярод «щирых». Гэта разумеў Панамарэнка, разумелі і самі беларусы. Пра пахаваньне, якое яны зладзілі Францішку Аляхновічу ў Вільні, відавочцы пакінулі нямала яркіх успамінаў. Я вазьму зь іх толькі адно слова: грандыёзнае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное